Рэйтынг беларускіх гарадоў 2026

паказвае шматгранную рэчаіснасць беларускіх гарадоў у пяці вымярэннях

Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя – Цэнтр новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасць грамадства рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспертную дыскусію.

  • дэмаграфічная ўстойлівасць

  • стан эканомікі

  • якасць жыцця

  • мясцовыя ўлады

  • турыстычная прывабнасць

Методыка

Ідэя найлепшага горада

Цэнтр новых ідэй прэзентуе абноўлены Рэйтынг беларускіх гарадоў. Папярэдні быў складзены ў 2022 годзе, пасля чаго мы зрабілі паўзу: праз надзвычайную імклівасць зменаў у краіне штогадовыя абнаўленні наўрад ці адлюстроўвалі б рэальнасць. У 2026 годзе мы вяртаемся да аналізу, каб ацаніць дынаміку і трансфармацыі гарадоў за гэты перыяд.

Вядома, складана аб’ектыўна ацэньваць развіццё гарадоў з-за мяжы і ва ўмовах абмежаванага доступу да звестак. Сітуацыя ўскладняецца вайной ва Украіне, рэпрэсіямі, санкцыямі, залежнасцю ад расійскай эканомікі, міграцыяй і старэннем насельніцтва – усё гэта істотна змяняе краіну.

Таму “найлепшы горад” сёння – гэта, хутчэй, горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш з’язджаць з краіны. Для нас гэта месца з адносна стабільным і адначасова жывым развіццём, дзе прасцей будаваць будучыню: вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей.

Да важных чыннікаў трэба аднесці даступнасць медыцынскіх і сацыяльных паслуг, магчымасць атрымліваць годны даход, а таксама празрыстасць мясцовай улады і хаця б мінімальны ўплыў на яе рашэнні.

Метад вылічэнняў

Мы натхняліся нашымі мінулымі выпускамі, але глядзелі і на прыклады суседніх краінаў ды іншыя даследаванні ў галіне развіцця беларускіх гарадоў і рэгіёнаў. Усе яны даследуюць фактычна тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфераў і валодаюць большым масівам статыстычных звестак.

Хоць падобныя індэксы змяншаюць бачны аб’ём інфармацыі, на практыцы ўнутры рэйтынга знаходзіцца вялікая колькасць статыстычных даных, якія ўрэшце і вызначаюць месца кожнага горада ў рэйтынгу. Ніжэй мы падаем тлумачэнні выбару ўсіх паказнікаў паводле пяці вымярэнняў.

У адрозненне ад мінулых гадоў, вымярэнні маюць розную вагу ў агульным выніку. Стан эканомікі і якасць жыцця даюць кожнае па 30% выніковага бала, дэмаграфічная ўстойлівасць – 20%, а мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць – па 10%. Мы пайшлі на гэты крок, каб даць большы прыярытэт эканамічным умовам і паўсядзённай якасці жыцця, бо менавіта яны найбольш уплываюць на рашэнне чалавека, дзе жыць. Стан мясцовых уладаў і турыстычная прывабнасць, хоць і ўздзейнічаюць на перспектывы горада, маюць меншы непасрэдны ўплыў на жыццё гараджанаў.

Акрамя таго, мы ўпершыню ўвялі бонусныя балы за памер горада. Жыццё ў буйным населеным пункце дадае магчымасцяў – больш працадаўцаў, паслуг, інфраструктуры, якія не заўсёды ўлоўліваюцца статыстыкай. Таму абласныя гарады (звыш 300 тыс. жыхароў) атрымліваюць +10 балаў, вялікія гарады (100–300 тыс.) – +6, сярэднія (50–100 тыс.) – +3, а малыя – без бонусу.

Вынікі паводле большасці паказнікаў выраўненыя па шкале ад 0 да 100 балаў згодна з формулай y=(x−min)/(max−min), дзе

  • x – гэта канкрэтны паказнік (напрыклад, памер заробку ў гэтым горадзе);
  • min – мінімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • max – максімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • y – гэта адпаведны вынік па шкале ад 0 да 100, які і ўносіўся ў рэйтынг.

Выключэннем з’яўляюцца вынікі экспертнага рэйтынга па славутасцях Беларусі і па паказніках у межах вымярэння “Мясцовыя ўлады”. У ім вынікі прадстаўленыя паводле трох- (0–50–100) і чатырохпрыступкавай шкалы:

  • 100 – калі неабходная інфармацыя пададзеная цалкам,
  • 75 – калі неабходная інфармацыя пададзеная з невялікім недахопам,
  • 50 – калі неабходная інфармацыя пададзеная напалову,
  • 25 – калі маецца толькі трохі неабходнай інфармацыі,
  • 0 – калі неабходная інфармацыя не пададзеная.

Паглядзіце, як робіцца шкала, на прыкладзе:

Колькасць лекараў

  • На 1000 жыхароў
  • Вынік паводле формулы

Таксама ў асобных выпадках была выкарыстаная вінсарызацыя – метад абмежавання экстрэмальных значэнняў у статыстычных даных, каб паменшыць іх уплыў на агульны вынік.

Пэўнай праблемай пры стварэнні Рэйтынга беларускіх гарадоў быў статус блізу паловы даследаваных аб’ектаў – яны маюць статус гарадоў раённага падпарадкавання (а не абласнога), таму некаторыя даныя ў іх збіраюцца на ўзроўні ўсяго раёна, а не горада. Мы доўга думалі, якім чынам кампенсаваць гэты недахоп, але ў практыцы ручное выпраўленне дадзеных магло б зменшыць празрыстасць даследавання. Таму мы проста дадаем пазнаку, калі выкарыстоўваем звесткі па раёне, каб вы бралі гэта ў разлік пры вывучэнні вынікаў рэйтынга.

Беларускія гарады ва ўмовах працяглай нявызначанасці

Праца над гэтым рэйтынгам ішла няпроста. Пэўна, гэта адна з рысаў часу, у якім жывём мы і нашыя гарады. З кожным годам даных, якія можна выкарыстоўваць пры аналітычнай працы, становіцца ўсё меней. Знайсці ім замену ў такі вірлівы і няпросты час – складана.

Ад некаторых крытэраў пры працы над рэйтынгам нам давялося адмовіцца (напрыклад, звесткі пра натуральны прырост больш не публікуюцца, а даныя з платформы “Голас” больш не актуальныя), а іншыя ўдалося дадаць. Намі былі дададзеныя новыя параметры камфортнасці пражывання ў гарадах, а таксама прааналізаваная колькасць жанчын у мясцовых органах улады, прысутнасць выканкамаў у сацсетках. Нягледзячы на эксперыменты, па пэўных асабліва адчувальных аспектах жыцця ў гарадах – стане экалогіі, культурніцкім і ўнутрысацыяльным жыцці – нам так і не ўдалося знайсці годнага спосабу ацэнкі.

Пры гэтым менавіта гарады застаюцца асноўнымі пунктамі канцэнтрацыі чалавечага капіталу, эканамічнай актыўнасці і сацыяльных змен у Беларусі. Таму нават ва ўмовах вялікай нявызначанасці ўсё роўна важна сачыць за іх дынамікай і своечасова фіксаваць ключавыя тэндэнцыі.

Пяць трэндаў развіцця беларускіх гарадоў

1. Захад мацнее, усход слабее

Падзел паміж заходнімі і ўсходнімі гарадамі працягвае паглыбляцца. Гродна абагнала Магілёў па насельніцтве і выйшла на трэцяе месца ў краіне. Брэст стаў № 2 у рэйтынгу, у той час як Гомель – другі горад па велічыні – апусціўся на восьмую пазіцыю. Заходнія абласныя цэнтры ўмацоўваюць свае пазіцыі за кошт турызму, больш жывой дэмаграфіі і блізкасці да мяжы з Еўрапейскім саюзам. На ўсходзе ж назапашваюцца праблемы: адток насельніцтва, слабая эканоміка, залежнасць ад адной галіны.

2. Гарады пусцеюць і старэюць

Рост насельніцтва паказалі толькі 4 гарады з 40: Мінск, Гродна, Брэст і Смалявічы. Усе астатнія губляюць жыхароў, у шэрагу выпадкаў – на 2–3% цягам чатырох гадоў. Адначасова гарады хутка старэюць: моладзь з’язджае ў буйныя цэнтры, і ў 15 гарадах доля пажылых людзей вырасла больш чым на 5 працэнтных пунктаў. Выключэнне – Смалявічы, дзе сярэдні ўзрост жыхароў зніжаецца дзякуючы прытоку маладых сем’яў.

3. Прамысловыя гарады раскалоліся

Мазыр і Салігорск захоўваюць моцныя пазіцыі ў першай дзясятцы. Аднак Наваполацк, Светлагорск і Бабруйск, якія таксама трымаліся на прамысловасці, пайшлі ўніз – па іх ударылі санкцыі, звужэнне рынкаў і адсутнасць дыверсіфікацыі. Залежнасць ад аднаго прадпрыемства ці адной галіны, што раней працавала ў плюс, цяпер ператварылася ў рызыку.

4. Блізкасць да Мінска больш не гарантуе росту

Дзяржынск пакуль трымаецца на 12-ым радку дзякуючы моцнай эканоміцы, але Маладзечна, Барысаў і Жодзіна – гарады, якія яшчэ нядаўна лічыліся “дынамічнымі спадарожнікамі” сталіцы – апусціліся ў ніжнюю палову рэйтынга. Адзіны сапраўдны бенефіцыяр мінскай агламерацыі – Смалявічы з ростам насельніцтва +15%, але і тут інфраструктура не паспявае за ростам.

5. Мясцовыя ўлады – нераўнамерна бачныя

Два новыя індыкатары дэманструюць адсутнасць сістэмнага падыходу. Цягам апошніх гадоў мясцовыя ўлады шмат дзе пачалі займацца сваёй прысутнасцю ў сацыяльных сетках (12 гарадоў атрымалі максімальную адзнаку), у той час як некаторыя ўсё яшчэ цалкам адсутнічаюць у Telegram, Instagram ды іншых рэсурсах (такіх 7 гарадоў). Доля жанчын у мясцовых Саветах – ад 18% да 63% без якой-небудзь карэляцыі з памерам горада або рэгіёнам.

Пяць тыпаў беларускіх гарадоў

Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей

Параўнанне 40 беларускіх гарадоў па трынаццаці паказніках у чатырох вымярэннях (дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, грамадска-палітычныя практыкі) дазваляе разбіць іх на восем груп.

Падрябязней пра методыку рэйтынга

Пра стваральнікаў

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Андрэй Сушко

Яўген Меркіс

Вядомы незалежны журналіст ды грамадскі актывіст з Гомеля. Удзельнічаў у навучальных праграмах у Вялікабрытаніі (John Smith Trust Fellowship) ды Германіі (Carl Friedrich Goerdeler Kolleg) у галіне належнага кіравання. У Цэнтры новых ідэй быў экспертам па рэгіёнах, ствараў тэматычны падкаст “Глыбінны народ” і прымаў удзел у стварэнні папярэдніх Рэйтынгаў беларускіх гарадоў.

Яго электронная пошта: merkis@newideas.center

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Рыгор Астапеня

Антон Раднянкоў

Старшыня Рады Цэнтра новых ідэй. Антон нарадзіўся ў Гомелі, вывучаў стратэгічныя камунікацыі ў Каралеўскім каледжы Лондана. Раней кіраваў праектамі ў галіне ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, узначальваў аддзел высокіх тэхналогій Мінскага гадзіннікавага завода, саўладальнік прыватнага бізнесу. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года адказваў за стратэгію і камунікацыі ў камандзе дэмакратычных сілаў.

Яго электронная пошта: radniankou@newideas.center

Асаблівая падзяка

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Рыгор Астапеня

Рыгор Астапеня

Заснавальнік Цэнтра новых ідэй і дырэктар “Беларускай ініцыятывы” ў Chatham House. Рыгор паходзіць з Салігорска і атрымаў доктарскую ступень (PhD) па паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце.

Яго электронная пошта: astapenia@newideas.center

І ўсім людзям, якія выдаткавалі хоць мінімум свайго часу, каб абмеркаваць гэтае даследаванне. Без вас гэты рэйтынг быў бы горшым.